ДЭЙНІС
Іван Пятровіч

1900 г., г. Невель – 1985 г., г. Полацк

краязнаўца, педагог.
Ганаровы грамадзянін г. Полацка (1967)
Скончыў 7 класаў Віцебскай мужчынскай гімназіі. У 1919 г. вучыўся на педкурсах. У 1929 г. скончыў БДУ.
Працаваў у Полацкім харчовым камітэце (лета 1917), чорнарабочым (1918), настаўнікам 1-й Савецкай школы г. Полацка (1920), выкладчыкам прыродазнаўства, фізікі і біялогіі на 43-х Полацкіх аб’яднаных курсах камсаставу РККА (1921), выкладчыкам чыгуначнай школы і ляснога тэхнікума ў Полацку (1930-1941). У гады Вялікай Айчынай вайны – дырэктар Белаярскага дзіцячага дома на Урале, настаўнік сярэдняй школы ў Курганскай вобласці. У 1944 г. узнавіў дзейнасць ляснога тэхнікума ў Полацку, выкладаў у ім да 1960 г.
Адзін з буйнейшых даследчыкаў гісторыі і культуры г. Полацка ХХ ст. У 1920-я гг. кіраваў адным з вучнёўскіх краязнаўчых гурткоў пры педтэхнікуме і лестэхнікуме. Браў актыўны ўдзел у дзейнасці Полацкага краязнаўчага таварыства, быў членам яго праўлення. Удзельнічаў у рабоце камісіі па ўскрыцці мошчаў Еўфрасінні Полацкай.
У другой палове ХХ ст. працягваў вывучэнне полацкай даўніны. Аўтар шэрагу артыкулаў у навуковым, рэспубліканскім і мясцовым перыядычным друку. Напісаў успаміны пра гісторыю Полацка “Полацк у ХХ ст. (1905-1967 гг.)” (рукапіс аб’ёмам 220 лістоў, ці 433 старонкі па аўтарскай нумарацыі чырвоным алоўкам). У 1972 г. аўтар перадаў рукапіс у Полацкі краязнаўчы музей (сёння захоўваецца ў фондах НПГКМЗ: КП-5-2774). У 2007 г. мемуары выдадзены М. Баўтовічам пад назвай “Полацкая даўніна”.
У архіве захоўваюцца і іншыя рукапісы краязнаўцы: “Богоявленский монастырь”, “Борисоглебский, или Бельчицкий монастырь”, “Главная площадь города Полоцка: исторический очерк”, “Иезуиты в Полоцке”, “Мой командир (воспоминания о начальнике 43-х Полоцких комкурсов Я.Ф. Фабрициусе)”, “Полоцк в ХХ веке”, “Полоцкие замки”, “Полоцкий лесной техникум”, “43-е Полоцкие объединенные курсы комсостава Рабоче-крестьянской Красной Армии”, “Софийский собор и униаты в Полоцке”, “Спасо-Евфросиньевский монастырь”, “Учебные заведения в Полоцке до Октябрьской революции”.

(Півавар, М. В. Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ - пачатку ХХІ ст. : бібліяграфічны даведнік / М. В. Півавар. - Мінск: Кнігазбор, 2010. - 372 с. )

  1. Полацкая даўніна. - Мн.: Медисонт, 2007. - 330 с.
  2. Такім быў 1918 г. // Сцяг камунізму. - 1968. - 1 студз.
  3. Курсы чырвоных камандзіраў // Сцяг камунізму. - 1978. - 4 лют.
  4. Пра мінулае роднага краю // Сцяг камунізму. - 1978. - 28 ліп.
  5. Ніжні замак у Полацку // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. - 1983. - № 2.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website