На працягу трох гадоў разам з К.М. Анціпавым вёў даследчыцкую работу па вяртанні імя віцэ-адмірала І.А. Павалішына, сядзіба якога знаходзілася ў межах сучаснай в. Янкавічы, на мяжы Полацкага і Расонскага раёнаў. Дзякуючы праведзеным даследванням у в. Янкавічы імем адмірала названа вуліца, школа, паляўнічы домік. Пазней усталявана шыльда на месцы пахавання Павалішына.
Займаўся даследваннямі лёсу выдатнага беларускага мастака Яфіма Спажынскага, які жыў і працаваў у Полацкім павеце на мяжы XVIII-XIX стст.; даследваў жыццёвы шлях і сувязі генерала Я.П. Кульнева з Полаччынай.
Шмат вандраваў як па рэспубліках СССР, так і па рэгіёнах БССР, Полаччыне. Рэгулярна рабіў саматужныя вандроўкі па ваколіцах Полацка. Удзельнічаў у шматлікіх навуковых экспедыцыях, якія ладзіліся навукоўцамі Э. Ляўковым, Л. Дучыц, С. Тарасавым, Г. Семянчуком, Д. Дукам, У. Мілюціным, М. Клімавым.
Браў удзел у стварэнні экспазіцыі, прысвечанай віцэ-адміралу І.А. Павалішыну і генералу Я.П. Кульневу ў Расонскім музеі баявой садружнасці, музеі імя Павалішына Янкавіцкай БШ Расонскага раёна, экспазіцыі, прысвечанай І.Ф. Хруцкаму ў музеі СШ в. Палата Полацкага раёна.
У 2009 г. разам з Л.Ф. Данько вызначыў месцазнаходжання колішняга Мікалаеўскага мужчынскага манастыра на Лучне, заснаванага каля Полацка ў ХІІІ ст. полацкім епіскапам Сімеонам і ля возера Ропна (цяпер в. Калектыўная Полацкага раёна). Браў актыўны ўдзел у працы па аднаўленні ў Полацку помніка падзеям вайны 1812 г. Знайшоў памятную пласціну, закладзенную ў падмурак помніка-капліцы пры першым будаўніцтве ў 1848 г.
Удзедьнік устаноўчага з’езду па арганізацыі БКТ (снежань 1989 г.), быў абраны ў Цэнтральную Раду ад Полацкай акругі. Браў актыўны ўдзел у рабоце полацкага гісторыка-культурнага аб’яднання “Маладзік”, важным вынікам дзейнасці якога была забарона праводзіць забудову шматпавярховымі будынкамі плошчы Свабоды ў Полацку. У даследчыцкай працы шчыльна супрацоўнічаў з Полацка-Глыбоцкай епархіяй, Музеем баявой садружнасці г.п. Расонаў, ЦДГА ВМФ, ЦДВГА, Дваранскім сходам г. Санкт-Пецярбург, Музеем-сядзібай Ф. Цютчава і Я. Баратынскага ў Муранава Маскоўскай вобл., Горацкім мастацкім музеем г. Пераяслаўля, Інстытутам гісторыі і Інстытутам геалогіі НАН Беларусі, бібліятэкамі Полацка, Віцебска, дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі Полацкага, Расонскага, Ушацкага, Лепельскага раёнаў.
Фотааматар. Сабраў прыватны архіў, у які ўваходзяць фотаздымкі помнікаў прыроды, гісторыі і культуры Полаччыны. Арганізаваў дзве фотавыставы – “Ціхая мая радзіма” (2007) і “Неслышно времени движение” (2009) – у Цэнтры нацыянальных культур і рамёстваў г. Полацка.
(Півавар, М. В. Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ - пачатку ХХІ ст. : бібліяграфічны даведнік / М. В. Півавар. - Мінск: Кнігазбор, 2010. - 372 с. )