КАРАСЁЎ
Віктар Раманавіч

12 лютага 1937 г., в. Рыбакі Полацкай акругі (сёння – г.п. Ветрына) – 23 лістапада 2023 г.

краязнаўца
Скончыў Латвійскі дзяржаўны ўніверсітэт (1968).
Служыў ва УС СССР, працаваў настаўнікам гісторыі ў розных школах г. Полацка (1983-1989), СШ імя Д.В. Цябута г.п. Ветрына (1995-2005).
Краязнаўчымі даследваннямі стаў займацца з 1994 г. Значны ўплыў на фарміраванне зацікаўлення гісторыяй роднага краю аказаў А. Падліпскі. Вывучае гісторыю г.п. Ветрына і Полаччыны.
Выявіў месца пахавання беларускага і рускага этнографа, археолага, фалькларыста, краязнаўцы А.М. Семянтоўскага, устанавіў памятны знак на яго магіле. Сумеснымі намаганнямі краязнаўцы і яўрэскай абшчыны быў усталяваны памятны знак на месцы згубы яўрэяў у Ветрына у часы Другой сусветнай вайны. Даведаўшыся пра тое, што вядомы абаронца Брэсцкай крэпасці Пеця Клыпа да Вялікай Айчынай вайны жыў у Ветрыне і вучыўся ў мясцовай школе, увёў у навуковы ўжытак гэты матэрыял, арганізаваў усталяванне мемарыяльнай шыльды на будынку Ветрынскай СШ (2002). Адшукаў і апублікаваў матэрыялы пра братоў Івана і Антона Весценбергаў, якія з’яўляліся партызанскімі разведчыкамі і былі растраляны фашыстамі вясной 1944 г. У 2004 г. у іх гонар на тэрыторыі школы адкрыты памятны знак.
Ва ўшанаванне славутага земляка, выдатнага дзеяча беларускай культуры, выдаўца, фалькларыста, мовазнаўцы, літаратуразнаўцы Б.І. Эпімах-Шыпілы на яго радзіме, у в. Залессе, быў усталяваны памятны знак (2006). Адзін з ініцыятараў і стваральнікаў музея Ветрына і музея Ветрынскай школы (2003).
Актыўна удзельнічаў у грамадскім і культурным жыцці краю. З’яўляўся членам раённага каардынацыйнага Савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”. Браў удзел у міжнародных, рэспубліканскіх і абластных канферэнцыях краязнаўчай накіраванасці.
Аўтар шэрагу артыкулаў у мясцовым і рэспубліканскі перыядычным друку. На аснове шматлікіх матэрыялаў, сабраных на працягу дзесяцігоддзяў, напісаў кнігі, прысвечанныя роднаму кутку і Ветрынскай школе: “Ветрына і наваколле”, “Мая любоў Ветрына”, “Сэрца майго часцінка”.

(Півавар, М. В. Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ - пачатку ХХІ ст. : бібліяграфічны даведнік / М. В. Півавар. - Мінск: Кнігазбор, 2010. - 372 с. )

  1. Ветрына і наваколле: храналогія гісторыі. – Віцебск: ВАД, 1999. – 48 с.
  2. Мая любоў – Ветрына: гістарычныя нарысы. – Полацк: Полацкая друкарня, 2004. – 200 с.
  3. Майго сэрца часцінка: нарысы з гісторыі Ветрынскай школы. – Полацк: Полацкая друарня, 2004. – 312 с.
  4. У гонар героя: [І.Е. Аляксееў] // Сцяг камунізму. – 1985. – № 63. – С. 2
  5. Яшчэ раз пра Ганну Місуну // Полацкі веснік. – 1998. – 16 снеж. – С. 2
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website