КЛОКАЎ
Сцяпан Антонавіч

16 лютага 1909 г., в. Янкавічы Полацкага пав. (цяпер – Расонскі раён) – 27 снежня 1992 г., г. Полацк

краязнаўца, Заслужаны настаўнік БССР (1967).
Скончыў Расонскую сямігодку (1927), Полацкі педтэхнікум (1930), гістарычны факультэт ВДПІ (1939).
Працаваў дырэктарам Ветрынскай сямігодкі (1939-1941), пасля вайны – загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Расонскага (1944-1949) і Ветрынскага (1949-1952) райкамаў КП(б)Б, дырэктарам сярэдніх школ №3 і №8 г. Полацка (1952-1969).
Яшчэ школьнікам пачаў цікавіцца даўніной, браў удзел у краязнаўчых паходах і экскурсіях. У час працы ў школе вёў актыўную грамадскую, выхваўчую і даследчыцкую дзейнасць па вывучэнні роднага краю. Выявіў, увёў у навуковы зварот і ініцыяваў узяцце пад ахову шэрагу помнікаў археалогіі ў Полацкім і Расонскім раёнах.
Аказваў дапамогу ў даследчай рабоце, якую вялі ў Полацку навукоўцы: А.Р. Мітрафанаў, М.К. Каргер, Г.В. Штыхаў. З дапамогай апошняга ўзяў на ўлік усе помнікі Расонскага раёна. Матэрыялы даследчыка былі ўлічаны пры стварэнні карты археалагічных помнікаў. Падрыхтаваў і чытаў многія гады лекцыі пра помнікі археалогіі роднага краю, пра іх захаванне, пра старажытныя помнікі Полацка. Надрукаваў па гэтых тэмах шэраг артыкулаў.
Вывучаў падзеі вайны 1812 г. на Полаччыне і лёсы ўдзельнікаў гэтых падзей. Сабраныя матэрыялы пра генерала Я.П. Кульнева перадаў у Клясціцкую СШ. Шмат гадоў збіраў звесткі (успаміны родных, першага настаўніка, баявых паплечнікаў, землякоў і інш.) пра героя Грамадзянскай вайны У.М. Азіна. На іх аснове быў створаны музей У.М. Азіна ў школе, дзе на той час працаваў С.А. Клокаў. Арганізаваў збор матэрыялаў пра Я.Ф. Фабрыцыўса, што кіраваў Школай чырвоных камандзіраў у Полацку.
Страціўшы зрок у 1977 г., працягваў займацца грамдскім жыццём і вывучэннем краю. Аўтар артыкула пра падзеі вайны 1812 г. у кнізе “Памяць” Полацкага раёна, шэрагу артыкулаў у газетах “Віцебскі рабочы”, “Сцяг камунізму”, “Полацкі веснік” і інш.

(Півавар, М. В. Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ - пачатку ХХІ ст. : бібліяграфічны даведнік / М. В. Півавар. - Мінск: Кнігазбор, 2010. - 372 с. )

  1. Гений русского военного искусства Кульнев Яков Петрович. – СПб., 2005. – 71 с.
  2. Айчыная вайна 1812 г. на Полаччыне // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Полацкага раёна. – Мн.: БелЭн, 1999. – С. 55-56 (разам з М.Манісам)
  3. Помнікі старажытнага Полацку яшчэ чакаюць даследчыкаў // Сцяг камунізму. – 1970. – 13 чэрв.
  4. Легендарны рацар рэвалюцыі // Сцяг камунізму. – 1975. – 5, 6, 9 верас.
  5. Дойлідства старажытнага Полацка // Сцяг камунізму. – 1976. – 29 чэрв.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website